помнік архітэктуры барока ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды). Засн. ў 1624 краснасельскім старостам А.Кянсоўскім, фундацыя зацверджана Я.Валовічам (1628). У 1630-я г. пабудаваны драўляныя кляштар з касцёлам (згарэлі ў 1644). Пасля пажару ўзведзены мураваныя касцёл і кляштар (згарэлі ў 1656, адноўлены ў 2-й пал. 17 ст.). У 1676 пабудавана мураваная капліца (фундатар К.Завіша). Пасля пажару 1740 будынкі рэканструяваны. У час пажару 1835 яны пашкоджаны, пазней адноўлены. У 1864 кляштар скасаваны. Цэнтр. месца ў комплексе займаў касцёлсв. Іосіфа — 3-нефавая 6-слуповая базіліка. Цэнтр. неф пераходзіць у выцягнуты прэсбітэрый (накрыты агульным 2-схільным дахам) з 3-граннай алтарнай апсідай, умацаванай контрфорсамі. Гал. фасад бязвежавы, мае хвалістую паверхню, падзелены пілястрамі на 3 часткі. Цэнтральная завершана фігурным шчытом з валютамі па баках, з шырокім уваходным парталам, над ім — вял. акно з 3-лопасцевым арачным завяршэннем; у паўцыркульных нішах размяшчалася стукавая скульптура (захавалася часткова). Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны пілястрамі. Інтэр’ер упрыгожаны 9 алтарамі, аздобленымі жывапісам. З ПнУ да касцёла прыбудаваны П-падобны ў плане 2-павярховы будынак кляштара, рытм яго фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы і пілястры. У комплексе кляштара мураваны 2-павярховы флігель, гасп. пабудовы. Тэр. кляштара была абнесена мураванай сцяной (захавалася часткова) з брамамі. З паўд. боку да касцёла былі прыбудаваны гандл. рады. Фасады касцёла рэстаўрыраваны (1984, арх. Г.Босак). У 1872 памяшканне касцёла прыстасавана пад архіў, з 1992 у ім Архіў навук.-тэхн. дакументацыі і Архіў-музей л-ры і мастацтва Беларусі.